Статьи

Новости

Чаму неўязныя ў ЕС Ярмошына і Лазавік лятуць у Аўстрыю?

Кіраўнікі Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына і Мікалай Лазавік возьмуць ўдзел ў канферэнцыі АБСЕ па выбарах, паведамляе charter97.org. Мерапрыемства пройдзе 12-13 ліпеня ў Вене. Чаму асобам, што знаходзяцца ў "спісе неўязных" у Еўрасаюз, выдалі візы?

Нагадаем, Ярмошынай уезд на тэрыторыю ЕС забаранілі ў 2004 годзе, Лазавіку – два гады пазней.

Па словах аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэя Елісеева, у дзеяннях Еўрасаюза няма супярэчнасцей, бо ў Вене знаходзіцца штаб-кватэра АБСЕ.

"Згодна з нормамі міжнароднага права, краіна ЕС павінна выдаць візу асобе, афіцыйна запрошанай у штаб-кватэру міжнароднай міжурадавай арганізацыі. Краіна ЕС таксама павінна прадставіць асобе выключэнне з санкцый, калі яна прымае міжнародную канферэнцыю, арганізаваную пад эгідай ААН. Яшчэ адзін рэдкі выпадак – калі чыноўнік мае падвойнае грамадзянства, то краіна ЕС не можа забараніць уезд свайму грамадзяніну".

У некаторых выпадках краіна ЕС можа, але не абавязаная выдаць візу. Так, выключэнні асобе з "чорнага спісу" могуць давацца для ўдзелу ў некаторых мерапрыемствах міжнародных арганізацый, а таксама па гуманітарных меркаваннях. Напрыклад, калі патрабуецца тэрміновая аперацыя ў заходнім шпіталі.

Андрэй Елісееў: "Калі краіна ЕС хоча прадставіць такое выключэнне, то мусіць пісьмова паведаміць Радзе ЕС. Калі ніводная іншая краіна ЕС не выкажа пісьмовай нязгоды, то выключэнню даецца зялёнае святло. Калі нязгода ёсць, то Рада ЕС кваліфікаванай большасцю прымае рашэнне".

Нагадаем, калі ў студзені 2012 года міністр Куляшоў наведаў Францыю, супраць яго падалі скаргу ў мясцовую пракуратуру.

 Ці можа быць спроба крымінальнага пераследу Ярмошынай у Аўстрыі?

Андрэй Елісееў: "Скарга ў пракуратуру Парыжа з запытам арыштаваць Куляшова на падставе ўніверсальнай юрысдыкцыі грунтавалася на дасье, падрыхтаваным брытанскай юрыдычнай фірмай "McCue&Partners". Іншыя два чыноўнікі, якім дасье закідае абвінавачанні ў міжнародных злачынствах – Аляксандр Лукашэнка і Вадзім Зайцаў (старшыня КДБ). Ярмошынай там няма, адпаведна, такой юрыдычнай працэдуры ў яе адносінах быць не можа".

Іншае пытанне, калі АБСЕ у сваіх дакладах па Беларусі канстатуе шматлікія парушэнні, дык навошта запрашае асобаў, адказных за правядзенне выбараў?

Андрэй Елісееў: "АБСЕ – вялікая арганізацыя з вельмі рознымі краінамі па ўзроўні эканамічнага развіцця і палітычным ладзе. Туды ўваходзяць, з аднаго боку, заможныя ліберальныя дэмакратыі як ЗША і Канада. З другога – бедныя аўтарытарныя краіны, як Туркменістан і Узбекістан.

 Усе краіны АБСЕ, нягледзячы на свае адрозненні, пагаджаюцца супрацоўнічаць па палітычных, эканамічных і іншых пытаннях.

У гэтым сэнсе органы АБСЕ вольныя запрасіць на свае мерапрыемствы такіх чыноўнікаў краін-удзельніц, якіх лічаць патрэбным"

Асабіста Ярмошыну і яе падначаленых менавіта ў фальсіфікацыі выбараў самі даклады БДІПЧ/АБСЕ не вінавацяць, а прадстаўляюць аб'ектыўны аналіз на адпаведнасць прынцыпам свабодных і справядлівых выбараў, кажа эксперт. Напрыклад, у дакладах АБСЕ заключаецца, што ЦВК не хапае незалежнасці, умовы агітацыі для кандыдатаў няроўныя, а падлік галасоў праходзіць закрыта і з парушэннямі, але наўпроставых абвінавачанняў Ярмошынай няма. Ужо грунтуючыся на дакладах АБСЕ, іншых крыніцах інфармацыі і аналізе палітычнай сістэмы Беларусі, Еўрасаюз уводзіць санкцыі супраць чыноўнікаў ЦВК.

Источник: http://news.tut.by/